Мова і творчасць у жыцці першакурсніка
- пн, 24/10/2016 - 00:00
Мова і творчасць у жыцці першакурсніка
“Вы залічаныя!” – якія гэта жаданыя словы для абітурыентаў, асабліва для тых, хто доўгі час працаваў для гэтага: старанна вучыўся, рыхтаваўся да ЦТ, з хваляваннем здаваў яго і яшчэ з большым хваляваннем чакаў вынікаў. І вось ты першакурснік. Гэта так прыемна і нова, як пайсці ў першы клас, але адказнасці значна больш. Пазнаёміўшыся з раскладам заняткаў, мы з некаторым здзіўленнем і ў той жа час з радасцю ўбачылi сярод дысцыплін родную беларускую мову, якая была першым звяном на шляху да вучобы ў вядучай тэхнічнай навучальнай установе нашай краіны для тых, хто на ЦТ здавалi менавіта беларускую мову. Здавалася, ужо ледзь не ўсё ведаем, але… Усё ж такі ўніверсітэт ёсць універсітэт. І наіўнае пытанне аднагрупнікаў на першым занятку наконт таго, ці абавязкова пісаць у сшытках у лінейку, выклікае ў выкладчыка ўсмешку. А нам дзіўна, што выкладчык можа ацаніць нашу працу і на 0, і на 3,5, і на 7,5, бо ўсе памятаюць строгасць школьных адзнак і афіцыйнасць класных журналаў. І праграма, зразумела, зусім не школьная, ніякіх табе правілаў правапісу і пунктуацыі, абавязаныя іх ужо ведаць. Колькі новай інфармацыі! І аб чалавеку як істоце моўнай, і аб гіпотэзах паходжання мовы, і аб тым, як у мове адлюстроўваюцца асаблівасці жыцця, светаўспрымання і псіхалогіі народа, і аб асаблівасцях моўнай сітуацыі ў нашай краіне… І інтэрферэнцыя, аказваецца, тэрмін не толькі ў фізіцы. А яшчэ мы павінны ўмець хутка аналізаваць, сінтэзаваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю, выдзяляць галоўную і новую, трансфармаваць яе па прынцыпе “мінімум знакаў – максімум інфармацыі”, складаючы тэзісы, рэфераты розных відаў і правільна іх афармляючы… А яшчэ набыць навыкі працы з навуковымі тэкстамі па спецыяльнасці, авалодаўшы неабходным для гэтага запасам тэрміналагічнай лексікі. Тут і Google, аказваецца, не выратуе, бо робіць памылкі пры перакладзе і думаць трэба самім… А яшчэ вельмі прыцягальныя зусім не школьныя тэмы конкурсных творчых работ і прапанова схадзіць у тэатр і паглядзець спектакль на беларускай мове… Колькі ўсяго трэба паспець! Жадаем ўсім першакурснікам поспехаў!”
Выкладчыкі кафедры беларускай і рускай моў віншуюць першакурснікаў з пачаткам студэнцкага жыцця і жадаюць не толькі поспехаў, але і атрымання радасці ад вучобы, ад новых магчымасцяў і адкрыццяў. Дададзім, што зараз у групах, дзе ў гэтым семестры ёсць дысцыпліна “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” аб’яўлены конкурс творчых работ студэнтаў на беларускай мове, вынікі якога будуць падведзены ў снежні. У гэтым навучальным годзе мы прапанавалі наступныя тэмы: З гісторыі майго роду. Магія мовы. Бойся спазніцца са словам харошым… Паклон табе, Францыск Скарына! Ніколі. І тады я пачаў смяяцца… .
Конкурс гэты традыцыйны, але нетрадыцыйныя тэмы і творчы падыход да іх. Штогод мы атрымліваем самыя розныя студэнцкія работы – празаічныя і паэтычныя, аб’ёмныя і зусім кароткія, сур’ёзныя і смешныя, іранічныя, трагічныя, драматычныя і аптымістычныя, нават фантастычныя, павучальныя і па-дзіцячы наіўныя, дасканалыя і не вельмі. Але ўсе яны вельмі шчырыя і ўсе даказваюць: не так істотна, што наш універсітэт – тэхнічная, а не гуманітарная навучальная ўстанова. Студэнты – людзі творчыя, а творчасць, як вядома, найбагацейшая крыніца радасці. Упэўнены, што і ў гэтым навучальным годзе мы пазнаёмімся з сапраўды творчымі першакурснікамі, фантазія якіх не будзе абмежаваная ні рамкамі школьнай праграмы, ні жанрам, ні аб’ёмам. Нагадаем, што лепшыя работы абавязкова будуць надрукаваныя ў чарговым выпуску зборніка навуковых і творчых работ студэнтаў БНТУ “Студэнцкі Парнас”. Хочаце выказацца, праславіцца, падарыць сабе і людзям радасць (а пераможцы могуць яшчэ і залік-аўтамат атрымаць) – тварыце!
Марына ЛЯШУК, студэнтка групы ФТК 04116
Людміла ГІРУЦКАЯ, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў