Беларусь адродзіцца Вераю
- пн, 08/12/2014 - 00:00
Пра глыбокія карані духоўнай культурнай спадчыны беларускага народа сведчыць выдатны найстаражытнейшы помнік сярэднявечнага пісьменства – Полацкае евангелле канца ХІІ ст., які шматгадоў быў недаступны для нас: арыгінал і сёння захоўваецца за межамі Беларусі. Помнік дае багаты матэрыял пра станаўленне і развіццё пісьмовай беларускай мовы, нацыянальнага кніжнага мастацтва. Гэта крыніца звестак пра гісторыю краіны, пра духоўны свет нашых далёкіх продкаў, іх традыцыі, мары і спадзяванні.
Полацкае евангелле (канец ХІІ ст.) – першая беларуская кніга, якая дайшла да нас. Намаганнямі, шмадгадовай даследчыцкай працай перакладзенае на сучасную беларускую мову, апублікаванае Евангелле вернута свайму народу загадчыцай кафедры беларускай і рускай моў нашага ўніверсітэта, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам І.У. Будзько (разам з супрацоўнікамі НАН Беларусі). Даследаванне мовы старадаўніх помнікаў – складаны працэс: кожны тэкст патрабуе ўдумлівага і стараннага лінгвістычнага аналізу, супастаўлення моўных фактаў на ўсіх узроўнях. Прачытаць старажытнае евангелле можа толькі спецыяліст многаграннай падрыхтаванасці, шырокай эрудыцыі і высокай кваліфікацыі – даследчык, які свята верыць у духоўнае адраджэнне роднага краю. Гэтымі здольнасцямі, гэтай верай Бог надзяліў Ірыну Уладзіміраўну. Дзейнасць даследчыцы, як і іншых супрацоўнікаў НАН, высока ацэненна не толькі навуковай грамадскасцю Беларусі, але і Царквой. І.У. Будзько ўзнагароджана медалём Святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. У 2013 годзе выданне Полацкага Евангелля атрымала прэмію “Трыумф” у Маскве як лепшая праваслаўная кніга.
Нiна ГАЎРОШ, прафесар кафедры
беларускай і рускай моў