Творчасць – гэта заўсёды свята слова

  • чт, 15/09/2011 - 08:02
Творчасць – сустрэча з невядомым, з натхненнем, з радасцю адкрыцця і цудоўных знаходак. Такая сустрэча адбылася на кафедры беларускай і рускай моў ФМС нашага ўніверсітэта пры падвядзенні вынікаў конкурсу   творчых прац студэнтаў. Перапоўненая аўдыторыя. Цішыня. Зацікаўленыя вочы. Хваляванне ўдзельнікаў конкурсу і выкладчыкаў. Адкрывае нараду  традыцыйна старшыня аргкамітэта Л.А. Гіруцкая, якая нагадвае тэмы творчых прац. А яны няпростыя: і па-філасофску мудрыя (“Ці лёгка быць маладым?”, “А што, калі…”), і лірычна-ўзнёслыя (“Загавары, каб я цябе ўбачыў”, “Усім лепшым ува мне я абавязаны…”, “І наша мова з-пад крыла душы”), і трывожна раздумныя (“Быць лепей або жыць лепей…”, “З гісторыі майго роду”). Жанрава разнастайныя – вершы, апавяданні, эсэ, нарысы. За трыбунай – курсант Сяргей Смалонскі (гр. 417 ВТФ). Падцягнуты, строгі, ён аб'яўляе назву верша – “Усім лепшым ува мне я абавязаны…” З вуснаў будучага афіцэра, абаронцы краіны, гучыць трывога і клопатнае хваляванне за лёс  роднага краю і самых блізкіх, дарагіх людзей. Затаіўшы дыханне зала слухае: “Ты маці роднай абавязаны навек / Магчымасцю адчуць усе дзівы свету, / І ў будучыню смела  зазірнуць, / Заўжды трымацца бацькі запавету…/ Праз пакаленні, вечнасці імгненні, / Шаноўны дружа, памятай адно: / Ты продкам абавязаны натхненнем, / Нашчадкам – у сэрцы захаваць святло! / Ты свет пазнаў і палюбіў сваю краіну-маці, / Малітву за яе прыняў як запавет, / Каб праз гады пранёс святло і чысціню дзіцяці, / Аддана бараніў свой родны свет.” У вершы курсанта гэтай жа групы Дзмітрыя Сазонава “А што, калі…” – замілаванне роднай прыродай, яе праявамі. І з заміраннем сэрца думае:“Таму, калі, не давядзі Гасподзь, /У тлуме зла пачнеш шукаць уцехаў,“А што, калі…” павінна прагучаць, / Каб ты не страціў душу чалавека”. Поўныя лірызму і пачуцця, радасна светлыя радкі верша студэнта (гр. 150 МБФ) Віктара Жука  “І наша мова з-пад крыла душы”. Удумлівыя і змястоўныя радкі апавяданняў на тэму “Ці лёгка быць маладым?” ФТКГ.  У іх – заклапочанасць маладых людзей сваёй будучыняй, трывога пра заўтрашні дзень краіны, пра сваё месца ў жыцці. Падведзены вынікі, уручаны ўзнагароды – дыпломы, граматы, кнігі – іх атрымалі 44 студэнты, 12 з якіх прызнаны пераможцамі. Аднак разыходзіцца не спяшаліся ні выкладчыкі, ні студэнты. Выкладчыкі з радасным смуткам думалі:”Бясконцае шчасце – з юнацтвам наперад ісці!”, а пераможцы конкурсу адчувалі: “Залатую расінку ў голасе толькі родная дасць Зямля”.   Ніна ГАЎРОШ – прафесар  кафедры  беларускай і рускай моў, Раман ЖЭДЗІК, студэнт 159 гр.АТФ
Категории: