Студэнцкая творчасць

  • пт, 31/03/2017 - 00:00

Студэнцкая творчасць

Разважанні над тэмай “З гісторыі майго роду”  могуць дапамагчы і ўласную мару сфармуляваць (“Я хачу пабудаваць мост матэрыяльны і псіхалагічны, злучыўшы дарогі пакаленняў. Гэты мост будзе называцца “Мост пакаленняў”. Аляксей Ваўчок, гр. 04216 ФТК), і слушную выснову зрабіць:”Нашы продкі – гэта не проста нашы родныя людзі, гэта гісторыя нашай краіны” (Юрый Сацкевіч, гр. 02116 ФТК).

Студэнцкая творчасць

У рабоце “Бойся спазніцца са словам харошым…” Артур Гараўцоў (гр. 01216 БФ), ажыццявіўшы незвычайнае жыццёвае падарожжа: “Я” – дзіця, “Я” – муж, “Я” – бацька, “Я” – грамадзянін, закончыў яго пранікнёнымі і адначасова філасофскімі радкамі: “Мы жывём. Мы памром. Не існуе нічога вечнага. /Нам не ведаць, каго не пабачым ужо сёння ўвечары. /Не саромцеся выказаць словы, пачуцці родным./ Будзьце проста сабою. Не бойцеся быць старамодным”. Яну Яскевіч (гр. 02216 ФЭБ) уразілі ўспаміны жонкі афіцэра-пагранічніка, аднаго з герояў абароны Брэсцкай крэпасці, якая ўсё жыццё шкадавала, што ў апошнюю ноч яго жыцця прыкрыкнула на мужа, бо ён запусціў скразняк. І ў думках нашай студэнткі нараджаецца сцэнарый  кінафільма, а высновай становяцца наступныя словы:”Са слова пачынаецца ўчынак”.

Для студэнткі Ханны Паповай (гр. 01215 АФ) родная Мова (менавіта з вялікай літары!) стала крыніцай магічнай прыгажосці: “Мова – той першасны інструмент, з дапамогай якога свядомасць стварае рэчаіснасць”. І гэта сапраўдны цуд, магія! Пра ўладарную сілу слоў мясцовай гаворкі роднай вёскі Залессе на Петрыкаўшчыне паведаў Аляксандр Арыновіч (гр. 12115 АТФ). Павел Раткевіч (гр. 06116 АТФ) сцвярджае: “Слова ачысціць, ад бруду паможа, /Слова падкажа і дапаможа./Чэрствую душу – мяккаю зробіць, /У сэрцах халодных – ільдзінкі растопіць”.

Тэма “І тады я пачаў смяяцца” вымагала ад студэнтаў з гумарам расказаць пра які-небудзь смешны выпадак са свайго (ці не са свайго) жыцця. Як і чакалася, інтарэс да тэмы быў вялікі, а рэальных якасных работ не так ужо і шмат: сапраўды, лягчэй адлюстраваць драматычныя, нават трагічныя падзеі, чым прымусіць смяяцца… Выклікала ўсмешку работа Мікіты Медунецкага (гр. 05116 МБФ), прысвечаная недарэчнаму аднакласніку; развесялілі забаўныя гісторыі з жыцця любімых катоў (Наталля Трубач, гр. 01212 ФІТР) і эпізод з сямейнага жыцця сваёй сястры, па-майстэрску расказаны Валерыяй Сухапар (гр. 07116 ЭФ); смяяліся прысутныя на цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў студэнты і з верша “І чаму ўся група смяялася?” Яна Казлоўскага (гр. 02116 МБФ).

Самай складанай аказалася тэма “Паклон табе, Францыск Скарына!”. Інфармацыі шмат, тым больш з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, але ж мы праводзім не конкурс рэфератаў, а конкурс ТВОРЧЫХ работ. Вельмі шчырыя і адначасова лаканічныя словы падзякі нашаму перашадрукару прагучалі ў рабоце Алены Собаль (гр. 01212 ФІТР).

Моладзь і творчасць заўсёды крочаць разам. Прымайце ўдзел у нашым конкурсе творчых работ на беларускай мове! Дзякуем вам за цікавыя работы!

 

Людміла ГІРУЦКАЯ, старшы выкладчык

кафедры беларускай і рускай моў

Категории: 
Выпуск газеты: