Ніколі творчасць не спыняецца

  • чт, 09/03/2017 - 00:00

Ніколі творчасць не спыняецца

У гэтым навучальным годзе для ўдзелу ў традыцыйным конкурсе творчых работ студэнтаў на беларускай мове былі прапанаваныя наступныя тэмы: З гісторыі майго роду. Паклон табе, Францыск Скарына! Магія мовы. Бойся спазніцца са словам харошым… Ніколі. І тады я пачаў (пачала) смяяцца… У першым семестры ў конкурсе прыняла ўдзел каля 400 работ, пераможцамі і прызёрамі сталі 118 студэнтаў.

Ніколі творчасць не спыняецца

Найбольшую цікавасць выклікала тэма “Ніколі”. Спачатку недаўменне: а пра што пісаць? А выбар вельмі шырокі: і ніколі не здавайся, і ніколі не паўторыцца, і ніколі не забуду… Вельмі падрабязна прааналізавала значэнні і ўжыванне гэтага слова чалавекам у розным узросце Паліна Вавулава (гр. 02116 БФ). Як дакладна сфармулявала ў сваім вершы  Паліна Беляшова (гр. 07116 ФТКГ), “жыццё ў нас кароткае даволі, таму ніколі не кажы ніколі”. Цяжка паверыць, што аўтарам такіх мудрых, дарослых высноў (“Мы ніколі не зможам застацца /У думках тых, хто нас не кахае. /І не трэба нам з гэтым спрачацца - /Проста ціха сысці. Так бывае”) з’яўляецца першакурсніца (Таццяна Паўлюшчык, гр. 02116 БФ). Незвычайна фантастычна-філасофскае апавяданне Сяргея Кругліка (гр. 02112 ФІТР) “Ніколі... Першы жывы сярод мёртвых”, змест, сюжэт якога не паддаюцца пераказу… Апавяданне Ганны Байдалавай (гр. 08116 БФ) ‑ пра разбуральную, злую сілу слова “ніколі” ў выхаванні мамай хлопчыка. Работа Аляксандры Царыкавай (гр. 06115 ФТКГ) – пра пераўтварэнне самаўпэўненай Ніколі ў сціплую Некалі… Ніколі не забудуцца першыя словы маці, і першыя словы-абразы, і першыя слёзы кахання (Паліна Кібак, гр. 04216 АТФ). Хочацца згадзіцца з заклікам не насіць на тварах будзённыя маскі без кроплі эмоцый, а заставацца дзяцьмі ў душы (Кацярына Сарока, гр. 06315 ФТКГ) і ніколі не кідаць Радзімы, каб не згубіць кавалачак душы (Алена Сакала, гр. 011115 АТФ).

 Неабходна адзначыць пастаянную ўвагу нашых студэнтаў да падзей Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікамі, сведкамі якой былі іх прадзеды і прабабулі. Сапраўды, якія незагойныя раны пакінула тая страшная вайна, што і больш чым праз 70 гадоў яна жыве ў душы, у памяці сучаснай моладзі. Калі пра Вялікую Айчынную студэнты пішуць, раскрываючы тэму “З гісторыі майго роду”, гэта цалкам лагічна і зразумела. Але і многія работы па абсалютна свабоднай тэме “Ніколі” прысвечаны менавіта гэтай трагічнай і гераічнай старонцы гісторыі нашага народа. Да слёз, да мурашак на скуры крануў верш Яўгеніі Гаранінай (гр. 04116 ФТК), у канцы якога гучыць палкае жаданне міру: “Я спадзяюся не пазнаць вайны./ Я спадзяюся не пазнаць той долі, /Калі пакой парушаць перуны./ Я спадзяюся, што ніколі”. Уразіла журы і апісанне вяртання з вайны мужа гераіні верша праз год пасля атрымання пахавальнага ліста (Анастасія Ламоніна, гр. 06315 ФТКГ), і расказ прадзеда Пятра аб выратаванні дзякуючы сіле спеву салаўёў… (Аляксандра Палюховіч, гр. 07116 ЭФ). Пра абпаленае вайной, выкрадзенае дзяцінства ідзе гаворка у заснаванай на ўспамінах бабулі рабоце “З успамінаў той, што двойчы выжыла” студэнткі Надзеі Магер (гр. 03116 ФЭБ).

Пра пераможцаў у іншых намінацыях чытайце ў наступным нумары.

 

Старшы выкладчык

кафедры беларускай і рускай моў

Людміла Гіруцкая

Выпуск газеты: