Паэзiя беларускай душы. Сустрэча з талентам

  • ср, 10/04/2019 - 00:00
Паэзiя беларускай душы. Сустрэча з талентам

Паэзiя беларускай душы. Сустрэча з талентам

У філіяле БНТУ “Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны каледж” у рамках Года малой радзімы адбылася сустрэча з паэтам-земляком, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, Ганаровым грамадзянінам Салігорскага раёна Хведарам Гурыновічам. Для філіяла ён - навучэнец 1969 года, а яшчэ - аўтар гімна каледжа. Арганізатары мерапрыемства – выкладчык агульнаадукацыйных дысцыплін, куратар І. М. Пятровіч і група Э-18.

Прырода надзяліла Хведара Гурыновіча вялікім талентам - ён стаў паэтам. Сёння выдадзена 26 кніг паэзіі Хведара Хведаравіча на рускай і беларускай мовах, сярод якіх зборнік вершаў “Хлеб і соль”, кніга “Птушыны алфавіт”, кніга выбраных твораў “Застаецца вера”, паэма “Роднасць”, кніга “Распагодзіцца!”

У аповедзе пра сябе Хведар Хведаравіч расказаў пра дзяцінства, вельмі прачула і ласкава паэт гаварыў пра сваю малую радзіму, вёску Крывічы, пра яе прыгажосць, выказваў заклапочаннасць пра ахову прыроды і навакольнага асяроддзя. Пра тое, як і калі напісаў першы верш, як стаў паэтам, якія праблемы і пытанні падымае ў творах – расказваў у размове з навучэнцамі. Шмат гаварыў пра свой любімы занятак- паляванне.

Асобная частка сустрэчы – чытанне вершаў у аўтарскім выкананні. Найбольш гэта былі вершы пра каханне, маладосць, юнацкія гады. З асаблівым імпэтам гучалі вершы  ў выкананні першакурснікаў.

Хведара Хведаравіча хвалюе ўсё. З вялікай любоўю і заклапочанасцю ён гаварыў пра родную мову, літаратуру, пра наш народ, пра Беларусь. “Любіце родную беларускую мову, яна ў нас цудоўная, мілагучная і непаўторная”.

Асноўнае яго прызначэнне  - Чалавек, Патрыёт, Грамадзянін.“… Не адракуся й пад прымусам, што нарадзіўся беларусам …”- пацвердзіў Хведар Хведаравіч у вершы “Беларусам і памру”…

У знак сустрэчы і ўдзячнасці навучэнцы падарылі Хведару Хведаравічу музычны нумар: Кірыл Макаед выканаў на саксафоне мелодыю песні М.Дабранравава “Белавежская пушча”.

Добрага настрою, поспехаў у дабрачынных справах,  пажадання  на наступную сустрэчу выказалі  адзін аднаму ўдзельнікі літаратурнай гасцёўні.

Фотаздымак на добрую памяць – абавязковая традыцыя падобных мерапрыемстваў.

Ніна СМІРДОВА, метадыст

Выпуск газеты: