Натхненне творчае – душы спакой і радасць

  • пт, 27/02/2015 - 08:00

Ужо шаснаццаты год  кафедра беларускай і рускай моў БНТУ праводзіць сярод студэнтаў, якія вывучаюць дысцыпліну “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”, конкурс творчых работ на беларускай мове.

НАТХНЕННЕ ТВОРЧАЕ – ДУШЫ СПАКОЙ І РАДАСЦЬІ вось, урэшце, дзякуючы выдавецтву “Права і эканоміка” ўбачыў свет першы выпуск зборніка “Студэнцкі Парнас”, куды ўвайшлі выбраныя творчыя работы нашых студэнтаў, напісаныя ў 2007 – 2011гг. Яны розныя і зсместам, і жанрам –  лірычныя, трагічныя, драматычныя, гумарыстычныя, філасофскія … Дасканалыя і не вельмі… Напісаныя на роднай беларускай мове,  яны прайшлі праз сэрца студэнтаў-аўтараў і нас, выкладчыкаў.

Зборнік адкрываюць тры артыкулы, у якіх аналізуюцца надрукаваныя студэнцкія работы: «Мой родны кут…». Радзіма і Бацькаўшчына ў творчасці студэнтаў БНТУ» (аўтар – прафесар Н.В. Гаўрош), «Тэма кахання і маладосці ў студэнцкай творчасці ( дацэнт І.У. Будзько), «Чалавек – гэта цэлы свет». Студэнты аб жыцці, лёсе, космасе» (ст. выкл. Л.А. Гіруцкая).

Выбраныя творчыя работы згрупаваныя па 9-ці раздзелах: “Радзіма і мова – з калыскі адной”, “З гісторыі майго роду”, “Маладыя гады, маладыя жаданні”, “Каханне”, “А што, калі…”, “Загавары, каб я цябе ўбачыў”, “Нашы хобі”, “Рознае – філасофскае і іранічнае”, “Мы дзякуем”. 113 старонак самых разнастайных студэнцкіх работ!

Дарэчы, значная частка студэнтаў-аўтараў яшчэ працягвае навучанне ў БНТУ і мае  магчымасць набыць кнігу са сваім творам. Таксама, як і ўсе тыя, хто цікавіцца творчасцю моладзі на беларускай мове.

Для набыцця зборніка творчых работ “Студэнцкі Парнас” звяртайцеся, калі ласка, на кафедру беларускай і рускай моў БНТУ (корпус 18а, каб. 207).

Паколькі ўкладальнікі зборніка мяркуюць падрыхтаваць другі выпуск ужо ў наступным годзе, то многія цяперашнія навучэнцы могуць убачыць свой твор надрукаваным. Жадаем актыўнасці, натхнення, творчага настрою!

Людміла Гіруцкая, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў БНТУ

Выпуск газеты: