“НА КРЫЛАХ ФЕСТЫВАЛЮ”
- пт, 30/12/2016 - 00:00
“НА КРЫЛАХ ФЕСТЫВАЛЮ”
Прайшоў IV фестываль беларускай культуры ў БНТУ «Беларусь – гэта мы», які стаў яскравай падзеяй у жыцці нашага ўніверсітэта.
Пры адкрыццi фестывалю літаратурнае аб’яднанне “Палісціх” культурна-асветніцкага і гісторыка-адукацыйнага цэнтра шчыра адчыніла свае дзверы не толькі студэнтам БНТУ – аматарам літаратурнага слова, але і творчай моладзі БДПУ ім. М.Танка. Увесь вечар гучалі вершы беларускіх паэтаў, а таксама аўтарскія творы.
Затым усіх сабраў даўгачаканы творчы конкурс факультэтаў. У поўнай меры праграмма конкурсу адпавядала тэме «З крыніц спрадвечных да сучаснасці...». На фестывалі беларускай культуры нацыянальнымi матывамi былі прасягнуты i музыка, i харэаграфiя, і тэатральныя пастаноўкі. У конкурсе ўдзельнічалі творчыя каманды 16 факультэтаў. Кожная каманда прадставіла тэатралізаваную праграму на беларускай мове. Былі акрэслены месца беларускай мовы ў нашым жыцці, тэма сямейных адносін, кахання. Звярталіся студэнты і да беларускага фальклору. Конкурс атрымаўся вельмі цікавым і насычаным. Гарэзлівыя жарты і паэтычныя творы, аўтэнтычная і сучасная музыка, беларускія народныя танцы і спевы – усё гэта толькі падкрэсліла шматкаляровую палітру нацыянальнай культуры.
Па вынiках конкурсу вызначаны факультэты-пераможцы:
дыплом 1 ступені – АТФ; дыплом 2 ступені – АФ і ФТК; дыплом 3 ступені – ПБФ.
Таксама журы вызначыла шэраг спецыяльных намінацый:
Спецыяльнымi дыпломамi адзначаны: дыплом журы, намінацыя “Лепшы харэаграфічны нумар” – ФЭБ; «Лепшая рэжысура» – ФІТР; “Лепшы вакальны нумар” – МТФ; “Лепшае мастацкае афармленне “– ФТК; намінацыя “Лепшае музычнае афармленне” – АФ.
У рамках фестывалю таксама адбыўся конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Скарбонка талентаў», на якi свае творчыя работы прадставілі студэнты і работнікі ўніверсітэта. Лепшыя работы былі адзначаны дыпломамі.
Наталля ПЕНЯЗЬ,
намеснік начальніка КАіГАЦ