ЮБІЛЕЙ БЕЛАРУСКАГА КНІГАДРУКАВАННЯ

  • пн, 17/04/2017 - 00:00

ЮБІЛЕЙ БЕЛАРУСКАГА КНІГАДРУКАВАННЯ

У 2017 годзе Беларусь адзначае адну з важных дат сваёй гісторыі і культуры – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Беларусы былі другімі сярод славян, якія надрукавалі сваю Біблію (першымі былі чэхі). Гэтая падзея звязана з імем нашага славутага земляка Францыска Скарыны, які 6 жніўня 1517 года ў Празе выдаў кірылічным шрыфтом першую сваю кнігу на беларускай мове “Псалтыр”, надрукаваную “повелением и працею избранного мужа, в лекарских науках доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцька”. Менавіта гэты год і стаў пачаткам развіцця айчыннага кнігадрукавання.

ЮБІЛЕЙ БЕЛАРУСКАГА КНІГАДРУКАВАННЯ

Юбілей, які святкуе наша краіна на працягу гэтага года, будзе шырока адзначацца як у Беларусі, так і за яе межамі, паколькі гэта не толькі гісторыя беларускага кнігадрукавання,  але і сусветная кніжная гісторыя, гісторыя сусветнай кніжнай культуры. Не застаўся ў баку і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Так, аддзел гуманітарна-асветніцкай работы Навуковай бібліятэкі БНТУ арганізаваў урачыстае мерапрыемства “Кніжная спадчына Беларусі (да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання)”. Мерапрыемства прашла ў канферэнц-зале Навуковай бібліятэкі, у ім прынялі ўдзел студэнты энергетычнага i прыборабудаўнічага факультэтаў, а таксама факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі.

Вядучы бiблiятэкар аддзела Ірына Пятроўна Іванова расказала студэнтам  пра ролю Ф. Скарыны ў развіцці беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пазнаёміла з дасягненнямі кнігавыдавецкай справы. Была прасочана гісторыя стварэння і дзейнасці самых вядомых на тэрыторыі нашай краіны друкарняў, пачынаючы з XVI ст. і да нашага часу. Першай на тэрыторыі Беларусі лічыцца друкарня ў горадзе Брэсце, заснаваная ў 1553 г. пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Чорнага. Тут выйшла больш за 40 кніг, самая вядомая з якіх – Брэсцкая (Радзівілаўская) Біблія. Былі згаданы таксама Нясвіжская, Лоская, Заблудаўская друкарнi, друкарня братоў Мамонічаў і інш. Даведаліся студэнты пра дзейнасць сучасных найбольш вядомых беларускіх выдавецтваў, дасягненні якіх дэманструюцца сёння на кніжных выставах розных краін свету.

На сустрэчы студэнты пазнаёміліся з гісторыяй перыядычных выданняў на Беларусі, якая бярэ пачатак з газеты К. Каліноўскага “Мужыцкая праўда”. Узгаданы былі першая прыватная асветніцкая газета на рускай мове “Минский листок”, першая газета на беларускай мове “Наша доля” і інш.

Работнікі аддзела падрыхтавалі выставу кніг, прысвечаную юбілею кнігадрукавання на Беларусі, якая складаецца з дзвюх частак: кнігі, якія ўбачылі свет на пачатку ХХ ст. (напрыклад, “Вянок” Максiма Багдановіча, “Першае чытанне для дзетак беларусаў”  Цёткі, “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” Якуба Коласа і інш), і кнігі ХХІ ст. Дзякуючы такому падзелу студэнты змаглi параўнаць сучасныя паліграфічныя магчымасці выдавецтваў з мінулымі.

Ад імя студэнтаў ЭФ, ПБФ, ФІТР, а таксама выкладчыкаў кафедры беларускай і рускай моў выказваем падзяку работнікам аддзела гуманітарна-асветніцкай работы Навуковай бібліятэкі БНТУ і асабіста І.П. Івановай за цікавае і пазнавальнае мерапрыемства.

 

Ірына САВІЦКАЯ, дацэнт кафедры

беларускай і рускай моў

Фота Вікторыі ШАЎЦОВАЙ

Категории: 
Выпуск газеты: