Тварыць – значыць жыць

  • ср, 28/02/2018 - 00:00

Тварыць – значыць жыць

Завяршыўся першы этап традыцыйнага конкурсу творчых работ студэнтаў БНТУ на беларускай мове. У гэтым навучальным годзе былі прапанаваныя тэмы: 1. З гісторыі майго роду (традыцыйная тэма). 2. Магія слова. 3. Па матывах класікаў (да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа). 4. Хачу зразумець… 5. Смех не грэх. 6. Незабыўнае. Пераможцамі і прызёрамі конкурсу сталі 140 студэнтаў.

Вельмі парадавала журы цікавасць да тэмы “Па матывах класікаў”, бо прапанаваны выкладчыкамі падыход быў, скажам шчыра, рызыкоўным: трэба было напісаць не водгук на які-небудзь твор класіка, а выкарыстаць выбраны самастойна твор як штуршок для стварэння ўласнага верша, развіўшы тэму, матывы, думкі, стылістыку і г.д. класікаў. Мы дарма хваляваліся, бо нашы студэнты – сапраўды таленавітыя людзі: у іх атрымаліся абсалютна самастойныя, дасканалыя, надзвычай прыгожыя творы, якія даказалі справядлівасць сцверджання наконт вечнасці класікі  і  быццам ажывілі галасы Купалы і Коласа. Назавём аўтараў найбольш яркіх, на нашу думку, работ па гэтай тэме: Ганна Богдан (АТФ, гр. 04117), Уладзімір Мілеўскі (АТФ, гр. 12116), Раман Новак (БФ, гр. 01517), Аляксандра Янушка (АФ, гр. 02117), Павел Саленік (ФГСЭ, гр. 05217), Аляксандр Свідовіч (ФТК, гр. 03417), Вікторыя Эйсмант (ЭФ, гр. 07117). І хочацца верыць, што, як сцвярджае Глеб Ляскоўскі (ФТК, гр. 02117), “Купала, не меўшы ніводнага сына, хоць з неба пабачыць панаванне ўнукаў!”

Вельмі разнастайныя работы па тэме “Незабыўнае”: ад кароткага, напоўненага сардэчным болем апавядання (Ганна Сямёнава, МБФ, гр. 02117) да грунтоўнага, напаўмістычнага, на 5 старонак аповеда (Уладзіслаў Неўмяржыцкі, ФТК, гр. 03117); ад прысвечанага страчанаму каханню лірычнага ліста (Алена Мазырка, ФТКГ, гр. 04115) і верша пра шчасце ўзаемнага кахання (Марыя Нікіціна, АТФ, гр. 04217) да вершаванага апісання страшнай карціны пакарання фашыстамі партызанкі і выратавання яе дзяцей (Дзмітрый Рамашка, ФЭБ, гр. 01116)  і выказвання падзякі Богу за тое, што не даў пабачыць вайны (Анастасія Карпец, ФГСЭ, гр. 03117)…

Тварыць – значыць жыць

Шмат няпростых пытанняў, на якія хочуць атрымаць адказ сучасныя маладыя людзі, прагучала ў вершах Андрэя Гардзейчука (ВТФ, гр. 01113) і Марыі Гаук (ФЭБ, гр. 06115). “Чаму сярод мільёнаў прахожых я бачу шчаслівых, а яны сябе – не?” – пытаецца Анастасія Клімко (БФ, гр. 03117). І ўвогуле, “калі ўзрост Сусвету дасягне трыльёна гадоў, што будзе далей?” (Ганна Кандрацьева, ФТКГ, гр. 09117), бо “праходзіць час – знікаюць зоркі, і мы разам з імі у вечнасць ідзём. Туды, дзе ніхто нас ніколі не знойдзе…”( Алеся Кузьменя, БФ, гр. 03117).

Тры вельмі арыгінальныя, розныя па тэмах і жанрах  (верш, апавяданне, легенда) прадставіла на конкурс Ульяна Фацеева (АФ, гр. 01316). Запомніліся і дзве работы Вольгі Ляшчыны (АФ, гр. 01316), і гісторыя з патэфонам (Ульяна Козел, МБФ, гр. 02117). Мімаволі ўсміхаешся, перачытваючы верш “Чаму я такая?” Марыі Верабей (ІПФ, гр. 03113)…

Дзякуем усім удзельнікам конкурсу за цікавыя работы!

Людміла ГІРУЦКАЯ, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай моў

Выпуск газеты: