Паэзія – гэта заўсёды свята слова
- ср, 13/02/2019 - 00:00
Паэзія – гэта заўсёды свята слова
Жаночае аблічча беларускай паэзіі
Мова народа не толькі характарызуе жыццё і дзейнасць грамадства, але і зберагае яго традыцыі і звычаі, сведчыць пра адметнасць, непаўторнасць нацыянальнай культуры. Гісторыя народа праўдзіва і бескампрамісна адлюстроўваецца ў творах таленавітых пісьменнікаў, якім лёсам наканавана ўбачыць і зразумець не толькі мінулае і сучаснае, а і прадказаць будучыню свайго краю.
Жаночая літаратура (лірыка, проза) – гэта літаратура, у якой выражаны асаблівасці жаночага ўспрымання ўсяго і ўсіх, адметнасці жаночых поглядаў і ацэнак: жанчына – маці ўсяму і ўсім, яна больш востра ўспрымае і радасць, і боль, глыбока ўсведамляе сучаснае і будучае свайго пакалення.
У беларускай паэзіі адметнае месца займаюць жанчыны-паэткі. Сярод іх – Канстанцыя Буйло і Яўгенія Янішчыц, у якіх у снежні 2018 г. своеасаблівы юбілей: 125 гадоў з дня нараджэння адной і 70 гадоў другой.
У розныя часы жылі гэтыя слаўныя асобы, але колькі ж агульнага, непаўторна цудоўнага, глыбокага і значнага, узнёслага і кранальнага ў іх паэзіі.
У канферэнц-зале Навуковай бібліятэкі БНТУ адбылося сваята беларускай паэзіі: чытанні вершаў гэтых паэтэс, арганізаваныя і падрыхтаваныя супрацоўнікамі бібліятэкі Ірынай Івановай і Наталляй Мельнік, а таксама членамі кафедры беларускай і рускай моў, якія рыхтавалі студэнтаў-чытальнікаў – вершы прачыталі 27 студэнтаў.
Прадуманая кампазіцыя сустрэчы: спачатку выступленні, прысвечаныя творчасці Канстанцыі Буйло.
І.П. Іванова акрэслівае асноўныя напрамкі яе творчасці, якую Максім Гарэцкі лічыў «найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай паэзіі».Расказвае пра Канстанцыю Буйло як аўтарку адзінага паэтычнага зборніка «Курганная кветка», выдадзенага ў Вільні ў 1914-м пад рэдакцыяй Янкі Купалы. Аздобіў кнігу Язэп Драздовіч, першую рэцэнзію напісаў Максім Багдановіч, а блаславіў яе ў творчы шлях Янка Купала
Яе паэзіі святло – Курганнай кветкай прарасло, Жыве, як песня, у народзе,– Няхай даўно гэта было!.. Дзіўлюся смелай рыфме я паэта, Натхненню, таленту, якіх хапала: “Люблю наш край – старонку гэту”. Дзе я радзілася, расла, Дзе першы раз пазнала шчасце, Слязу нядолі праліла. Люблю народ наш беларускі, І хаты ў зелені садоў, Залочаныя збожжам нівы, Шум нашых гаяў і лясоў…
Верш стаў хрэстаматыйным, народнай песняй, якая гучала амаль у кожнай беларускай вёсцы.
Вершы паэткі ўсхвалявана і натхнёна прачыталі студэнты Аляксандр Хваль (МБФ) “У краітне мар”, Хрысціна Ілючык (АТФ) “Дзяўчынкі”, Анастасія Лашкевіч (ФТКГ) “Не глядзі на мяне”, Паліна Федарук (ФГСЭ)“У вырай далёкі ляцяць жураўлі”, Соф’я Дзятко (ФЭБ)“Ярка над Свіслаччу зоры гараць”. Ксенія Камянецкая (БФ) “Ты думаў пра мяне” і інш.Асабліва ўсхвалявалі вершы на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
Другая частка сустрэчы з паэтычным словам была прысвечана Яўгеніі Янішчыц. «Палеская ластаўка» пражыла так няшмат, але паспела вельмі многа зрабіць у літаратуры. Гаворачы пра яе творчасць, Ірына Пятроўна Іванова нагадвае выказванні сучаснікаў паэткі – Сяргея Законнікава: “Ведаеце, чым яна адрознівалася ад усіх нашых паэтак? У ёй спалучаліся жыццёвая, нейкая глыбінная народная мудрасць і свая, чыста натуральная, прыродная, і яшчэ паэтычная «чуйка», якая дазваляла бачыць нашмат больш за астатніх”. “Расказваць пра Жэню можна бясконца: яна якая была ў паэзіі, такая і ў жыцці — шчырая і светлая, — дадае паэт Васіль Жуковіч, якому Янішчыц яшчэ школьніцай пісала лісты, звяртаючыся па параду да больш вопытнага аўтара, і падпісвала іх «Ясяльдзянка».
Кожны радок і кожны верш настолькі арганічна знітаваны, што амаль немагчыма вылучыць нешта для аналізу, каб не парушыць цэласнасць светаўспрымання. Асабліва ярка праявілася сталае майстэрства ў кнігах Пара любові і жалю(1983) і Каліна зімы (1987). Для сталай лірыкі характэрны філасофскі роздум над праблемамі жыцця і смерці, часу і прасторы, імгнення і вечнасці.
Вершы прачыталі: Ганна Андрэйкавец (ПБФ) “Гавары са мной па-беларуску”, Кацярына Навіцкая (ФГСЭ) “Сынок і маці”, Аляксандра Смольская (АФ) “Было, былі, была”, Антон Антоненка (ФГСЭ) “І прасвечваюць нашыя сэрцы”, Ксенія Валенда (ФЭБ) “Бацькава дарога”, Дар’я Карэцкая (ФЭБ)“Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён” Аляксей Цівунчык (ФТК) “Хаджу па нівах, па лугах азурных”, Ігар Змітрук (ПБФ) “Балада вернасці” і інш.
Некалькі гадзін сустрэчы з дарагім нам усім беларускім паэтычным словам праляцела вельмі хутка. І студэнты, і выкладчыкі дакрануліся сэрцам да прыгожай паэтычнай мовы, інакш глянулі на нашу культуру, мову.
У канцы асабліва ўразіла выступленне дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Эліны Свірыдовіч. Вось яе словы: “Спалучэнне выдатнага паэтычнага дару, дадзенага аднекуль звыш, і асаблівай неабароненасці — нібыта птушка, нібыта чалавек без скуры... У лістах, прысвячэннях, аўтографах Яўгеніі Янішчыц нават па асобных фразах адчуваеш, што яна ніколі не пісала адпісак, а заўжды шчыра цікавілася, прыглядалася да людзей, прымала іх радасці і боль як свае. Як сказаў Аляксей Дудараў, «у яе была сапраўдная любоў да людзей — і толькі для сябе гэтай любові не хапіла».
Праф. Ніна ГАЎРОШ, ст. выкладчык Аляксандр МЯЦЕЛЬСКІ,
Ганна АНДРЭЙКАВЕЦ (студэнтка гр.113051-18).