Беларускамоўныя. БНТУ. 21 лютага.
- пн, 04/03/2019 - 00:00
Беларускамоўныя. БНТУ. 21 лютага.
Матэрыял times.bntu.by прымеркаваны да міжнароднага Дня Роднай Мовы, які адзначаецца 21 лютага штогод, пачынаючы з 2000 з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.
Дата для Дня была абраная ў знак памяці падзей, якія адбыліся ў Даке (цяпер - сталіца Бангладэш) 21 лютага 1952 года, калі ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты, якія выйшлі на дэманстрацыю ў абарону роднай мовы — бенгалі, якую яны патрабавалі прызнаць адной з дзяржаўных моў краіны.
Гэтыя студэнты нашага ўніверсітэта калісьці зрабілі, магчыма, адзін з самых важных крокаў у жыцці, а менавіта пачалі карыстацца беларускай мовай у паўсядзённасці.
Вам цікава, што гэта за людзі, якія ў іх гісторыі? Калі так, то прачытайце тры невялічкіх інтэрв’ю з нашымі героямі.
Дзмітрый Смалонскі, факультэт маркетынга, менеджмента, прадпрымальніцтва, 2 курс
- А як ты прыйшоў да беларускай мовы?
- З чаго я вырашыў? Аднойчы мы з сяброўкай, назавем яе N, вырашылі пайсці на адну такую класную штуку.. Гэта было даўно, дакладна не памятаю, хто яе ладзіў, але сэнс гульні - шукаць па горадзе падказкі… не памятаю дакладна..
- Тыпу квэст?
- Квэст, сучаснай мовай. (Я вельмі стары чалавек. Не ведаю мову моладзі…) І там усе стасаваліся па-беларуску. Мяне ўзяла такая зайздросць, што яны могуць. І прыгожа, а не як старыя бабулькі, якія на трасянцы стасуюцца, а такая прыгожая, сучасная беларуская мова, ад моладзі. Яна мяне так прывабіла. "Я павінен гэта вывучыць". Я набыў сабе падручнік "20 крокаў да беларускай мовы". Штодзень па 10 новых словаў, туды-сюды. Здаў ЦТ. І пасля здачы пачаў. Першапачаткова было складана, але атрымалася.
- Дык колькі ты ўжо поўнасцю беларускамоўны?
- Дакладна амаль два гады.
- Узгадай сябе тагачаснага рускамоўнага і цяперашняга беларускамоўнага. Ці ёсць нейкая розніца паміж гэтымі людзьмі?
- Так, ёсць такая розніца. Калі я размаўляю па-беларуску, у мяне натхненне, выдатны настрой. Амаль заўсёды...А па-руску я размаўляю, калі ў мяне штось нявельмі ў жыцці.
- А ці ёсць сферы ў тваім жыцці, дзе ты не выкарыстоўваеш мову?
- Толькі на працы, у школе, я стасуюся па-руску. Бо было заўсёды багата запытанняў ад дзяцей. У нас не гімназія, а звычайная школа, дзе дзеці прагульваюць урокі беларускай. Мне надакучвала ўвесь час на гэтыя запытанні адказваць. Ды й навошта, калі я магу проста па-руску з імі пастасавацца.
- А, напрыклад, ў краме ты заўжды па-беларуску?
- Так, але калі не разумеюць, кажуць там усякія "что, повторите" - акей, мне не складана. Ва ўніверсітэце, дарэчы, калі выкладчык просіць "калі ласка, я не разумею, даруй мне" - мне няма спраў, я перакладу, што незразумела. Часам - наадварот, калі выкладчык прымушае казаць па-руску, (у мяне ж таксама прынцыпы ёсць) пачынаю там выбудоўваць ...
- Ці шмат вакол цябе беларускамоўных? Што гэта за людзі, як ты іх характарызуеш?
- У маім наваколлі дастаткова такіх людзей. Калі я гэтым усім быў незацікаўлены, было чалавекі два-тры. Цяпер гэта людзі, з якім няпроста цікава стасавацца, а з якімі хочацца ўсё больш і больш мець зносінаў.
Юрый Мельнік, факультэт энергетычнага будаўніцтва, 4 курс
- Што стала штуршком да мовы для цябе? Чаму ты на яе перайшоў?
- Гэта было год таму. Да нашай арганізацыі звярнуліся людзі, якія размаўляюць па-беларуску. І яны звярнуліся на беларускай мове. Мы вырашылі быць крутымі - і адказалі ім на беларускай мове. Так як стасаваўся я і мая сяброўка, нешта адно паведамленне, два паведамленні і так пайшло, усё атрымлівалася. Тым больш што я даўно хацеў карыстацца мовай у паўсядённым жыцці. Мы вырашылі, чаму б і не. І разам з маёй сяброўкай пачалі размаўляць на беларускай мове.
- Твая арганізацыя, я так разумею, "Салянка"? Можаш пра яе падрабязней распавесці чытачам?
- Так! Гэта студэнцкая арганізацыя. Мы займаемся развіццём, папулярызацыяй роварнага руху сярод студэнтаў. І не толькі ў БНТУ, а ўвогуле па Мінску, перыядычна закранаючы іншыя гарады.
- А ці трапляліся якія-небудзь цікавыя здарэнні з беларускай мовай у тваім жыцці?
- Цікавыя? Не так даўно быў на семінары па аратарскаму майстэрству. Я быў адзін беларускамоўны. Семінар цягнуўся два дні і ўжо на другі дзень, перад тым як раз’яжджацца, кожны выступаў з невялічкай прэзентацыяй. І, спасылаючыся на мяне, быццам бы гэта я іх прыцягнуў, людзі на беларускай мове расказвалі свае прэзентацыі.
- Значыць, гэта не планавалася?
- Так. Я думаў на пачатку семінара, што я адзін буду на беларускай мове выступаць. А вось у канцы яны, спасылаючыся на мяне, маўляў "раз ты адзін, то падтрымаем", выступалі на беларускай мове. Мяне гэта ўразіла, што атрымалася іншых людзей натхніць размаўляць па-беларуску.
- Ведаеш, ёсць шмат людзей, якія вагаюцца: пераходзіць, не пераходзіць на мову. Якія ты можаш даць ім парады?
- У маім асяроддзі шмат людей, якія карыстаюцца беларускай толькі са мной, ці з іншымі людзьмі, якія звяртаюцца да іх на беларускай. А наконт парадаў... Можна пачаць размаўляць з беларускамоўнымі. Увогуле, трэба стварыць сабе беларускамоўнае асяроддзе. Гэта датычыцца літаратуры, музыкі, фільмаў, людзей. І вельмі важная тут падтрымка. Калі ты з кім-небудзь пачанаеш пераход - гэта значна прасцей, чым аднаму.
Далей мы задалі ўсім героям тры аднолькавых пытанні.
У людзей рускамоўных, якія сустракаюцца з беларускамоўнымі, узнікае адразу некалькі пытанняў. Мы падабралі тры банальных, каторыя яны часцей за ўсё задаюць. Як бы вы адказвалі на гэтыя пытанні?
- Ты прям думаешь на беларуском?
Дзіяна: Так, я думаю па-беларуску.
Дзіма: Дарэчы, былі такія пытанні, сапраўды. Я адказваю наступным чынам: я не заўважаю, як я думаю. І так, і так ёсць.
Юра: Так, думаю на беларускай мове. Для мяне быў важны момант, калі я зразумеў, што беларуская стала для мяне стандартнай і ўжо выйшла на адзін узровень з рускай, калі я пачаў рабіць сабе нататкі на мове. З таго моманту, лічу, канчаткова пачаў думаць па-беларуску.
- Зачем разговаривать на "мове"? Никто же не разговаривает.
Дзіяна: Я бы паспрачалася з гэтым. У мяне ёсць сябры, якія размаўляюць на мове, па-першае. І па-другое, як я казала, што калі ты, нават калі адзін у сваім атачэнні размаўляеш на мове, людзі сяроўна да цябе падцягнуцца людзі і ты не будзеш адзін.
Дзіма: Я адказваю так: "Можа, у вашым асяроддзі ніхто й не размаўляе. Але ў нашым свеце яна папулярызуецца. Больш людзей пераходіць ды пераходзіць. Бо людзі становяцца больш зацікаўленымі ў будучыні краіны. Спадзяюся, наша будучыня будзе светлай.
Юра: У маім асяроддзі шмат людзей карыстаюцца беларускай, таму гэта пытанне для мне не актуальнае, сапраўды.
- Зачем учить беларуский? Лучше я английский выучу.
Дзіяна: Наздароўе! Якая мова падабаецца - вучыце калі ласка. Нікога ніхто не прымушае.
Дзіма: Колькі моў ты ведаеш - столькі разоў ты чалавек. Калі я пайшоў на ўкраінскую, мая сяброўка, назавём яе N, казала "Навошта табе яе вучыць? Яна ж табе нідзе не спатрэбіцца, проста выкінеш грошы на вецер". Але я перакананы, што гэта ў любым выпадку развіццё. Ты з’яўляешся носьбітам беларускай мовы і культуры, і гэта вялікая справа.
Юра: Вучыце. Ніхто не перашкаджае вывучыць і беларускую, і англійскую. А паколькі мы жывем у Беларусі, то ведаць сваю родную мову - гэта істотна. Хаця б разумець яе.
Дзіяна Чарнюк, энергетычны факультэт, 4 курс
- Дзіяна, як ты ўвогуле прыйшла да мовы, якая была ў цябе гісторыя?
- Гэта ўсё адбывалася не адразу. Паўплывала на гэта некалькі фактараў. Адная з асноўных прычын - гэта беларускамоўная музыка. Я вельмі люблю беларускамоўны рок: гурт Рэлікт, The Superbullz, TonqiXod, Nizkiz, Без Назвы ды розныя. І дзякуючы ім я адчула мову, якая яна мілагучная, прыгожая. І ў мяне нешта ўзнікла ў галаве "так, вельмі прыгожая. Я таксама хачу размаўляць". Таксама іншыя фактары паўплывалі. Год таму ў нас выкладалася беларуская мова ва ўніверсітэце. Я чула мову ад выкладчыцы. Было вельмі прыемна, хацелася ўдзельнічаць у гэтым. Мара, канешне, каб шмат людзей размаўлялі вакол па-беларуску. А калі хочаш нечага дасягнуць - трэба пачаць з сябе і я пачала.
- У якіх сферах пераходу на беларускую мову ўзнікалі цяжкасці?
- Самае цяжкае гэта пачаць думаць па-беларуску. Бо напачатку ты думаеш на "трасянцы". А навогул цяжкасці ў жыцці ўзнікаюць ва ўсіх сферах. Напрыклад, калі прыходзіш у паліклініку ўзяць даведку для інтэрната і там не разумеюць, што гэта “общежитие”.
- Альбо не разумеюць што такое “даведка” нават.
- Так-так! Таму ўзнікаюць цяжкасці, часам спрэчкі, але з гэтым звыкаешся. У прынцыпе, людзі варожа да гэтага не ставяцца, хутчэй здзіўляюцца. З цягам часу прыстасоўваешся вырашаць гэтыя праблемныя сітуацыі.
- Як ты лічыш, беларуская мова - гэта трэнд, модная хваля?
- У апошні час я назіраю, што так. У некаторым сэнсе гэта модная хваля, бо шмат моладзі наўпрост на маіх вачах пераходзяць на беларускую мову.
- А можаш прыклад прывесці?
- Калі я пачала размаўляць на мове, пачалі і мае сябры размаўляць. Хай не ў паўсядзённым жыцці, але ўсёроўна гэта першы крок. Па-другое, з кім я сустракаюся з беларускамоўных, шмат з іх перайшло на мову ў апошні год-два, вялікая частка.
- А як ставяцца выкладчыкі, калі ты выкарыстоўваеш мову на занятках?
- Яны ўсе здзіўляюцца, але потым, калі звыкаюць і пачынаюць разумець, што я кажу, то добра, нават пазітыўна. Некаторыя робяць капліменты "малайчына, што падтрымліваеш родную мову".
- А самыя пераходзяць?
- Бывае, што некаторыя нават пераходзяць. У нас на кафедры ёсць адзін выкладчык беларускамоўны, ён заўсёды размаўляе. Ёсць адзін, ён ўвогуле размаўляе па-руску, але са мною пераходзіць на беларускую.