«Беларусь – гэта мы!»
- чт, 23/02/2012 - 08:01
Пад гэтым дэвізам стартаваў I Фестываль беларускай культуры, арганізаваны культурна-асветніцкім і гісторыка-адукацыйным цэнтрам БНТУ, які прайшоў ва ўніверсітэце.
На працягу пяці дзён усе жадаючыя былі сведкамі шматкаляровай палітры нацыянальнай культуры і непасрэднымі ўдзельнікамі непаўторнай з`явы – феерверку талентаў студэнтаў і супрацоўнікаў БНТУ.
Урачыстае адкрыццё фестываля прайшло з удзелам творчых калектываў культурна-асветніцкага і гісторыка-адукацыйнага цэнтра. Святочны канцэрт стаў не толькі адмысловай віншавальнай паштоўкай-адкрыццём фестывалю, але і ў пэўным сэнсе майстар-класам, наглядным прыкладам таго, на што здольная сучасная маладзёжная культура.
Потым адбылося юбілейнае пасяджэнне літаратурнага аб'яднання «Полистих», пад час якога ўдзельнікі аб`яднання прадставілі гледачам літаратурна-музычную кампазіцыю “Зорка паэта”, прысвечаную 120-годдзю са дня нараджэння Максіма Багдановіча, і свае асабістыя творы. Гасцямі сталі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі М.В. Шабовіч і М.П. Пазнякоў, а таксама ўдзельнікі іншых літаратурных аб`яднанняў.
Трэці дзень фестываля адзначыўся творчым конкурсам сярод факультэтаў на тэму “К табе, Беларусь”. Гледачы маглі падзівіцца каларыту беларускага танца, самабытнасці нацыянальных строяў, пачуць прыгожыя спевы, гарэзлівыя жарты і паэтычныя творы на роднай беларускай мове ў выкананні студэнцкай моладзі. Гэта была сапраўдная вандроўка не толькі па краіне, але і ў часе. Мы апынуліся ў замку Радзівілаў (ІПФ), у радавым маёнтку беларускага кампазітара М. Грушавіцкага (ФЭБ), на купальскім свяце (АТФ), разам з героямі казкі “Вясна ў восень” па Ул. Караткевічу, расказанай у пластыцы, адчулі цёплыя прамяні вясновага сонца (АФ), суперажывалі героям гісторыі кахання – жуку Раману і бульбачцы Патэцце (“Рамэо і Джульета” па-беларуску) (ПБФ) і, нават, пабачылі народны лялечны тэатр Беларусі “Батлейка” (ЭФ).
На працягу ўсяго тыдня з вялікiм поспехам працавала выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Скарбонка талентаў», на якую свае творчыя работы прадставілі студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта. Наведвальнікі захапляліся казачнымі вырабамі з бісеру, гліны, лазы і саломкі, дзівіліся сапраўднаму таленту майстроў вязання, вышыўкі і выцінанкі.
Яркай фінальнай кропкай фестывалю сталі гала-канцэрт і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў і пераможцаў усіх конкурсных дзён. Лепшыя вырабы самадзейнай творчасці і лепшыя творчыя нумары ў розных намінацыях адзначаны дыпломамі і падарункамі, таксама па выніках былі вызначаны факультэты-пераможцы фестываля, якія атрымалі памятныя кубкі.
Фестываль беларускай культуры “Беларусь – гэта мы” – магчымасць дакрануцца да вытокаў, успомніць традыцыі нашых продкаў і гісторыю месца, дзе мы нарадзіліся, выраслі і жывем. Спадзяёмся, што ён стане адной з адметных падзей у культурным жыцці студэнцкай моладзі ўніверсітэта.
У добры шлях, фестываль! Віншуем пераможцаў I Фестываля беларускай культуры у БНТУ “Беларусь – гэта мы”!
Пераможцы конкурса дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Скарбонка талентаў”:
Дыплом лаўрэата 1 ступені -ПБФ
Дыплом лаўрэата 2 ступені -АФ
Дыплом лаўрэата 3 ступені -ЭФ
Пераможцы конкурса сярод факультэтаў “К табе, Беларусь”:
Дыплом лаўрэата 1 ступені - ІПФ
Дыплом лаўрэата 2 ступені - ПБФ
Дыпломы лаўрэатаў 3 ступені – ФЭБ і ЭФ
Пераможцы I Фестываля беларускай культуры “Беларусь – гэта мы”:
Гран-пры фестываля - ПБФ
Дыплом лаўрэата 1 ступені - ЭФ
Дыплом лаўрэата 2 ступені - АФ
Дыплом лаўрэата 3 ступені - ІПФ.
НАШ КАР.
Категории: