Гады нашых малых Радзім

  • сб, 29/12/2018 - 00:00

Гады нашых малых Радзім

У Беларусі Год малой Радзімы вырашана працягнуць да 2020 года ўключна, што цалкам заканамерна. Гэта можна патлумачыць і значнасцю ўзнятых пад знакам Году малой Радзімы пытанняў. Усе мы напрацягу сыходзячага 2018 года задумваліся над тым, што для нас значыць малая Радзіма, абмяркоўвалі гэта з сябрамі і калегамі, спрачаліся, пагаджаліся – і хоць малая Радзіма ў кожнага свая – мы ўсе нечакана сталі аб’яднаныя аднолькава цёплымі пачуццямі да сваіх малых Радзім, аб’яднаныя тым, як кранальна яны адгукаюцца ў нашых душах.

Малая Радзіма – гэта не проста геаграфічнае месца. Малая Радзіма – гэта наша дзяцінства, самыя смелыя і ўзнёслыя мары, нашы маладыя матулі, наша першыя крокі да разумення навакольнага свету. Гэта яшчэ і ўнікальныя, непаўторныя лакальныя традыцыі і звычаі, характэрныя толькі для гэтай мясцовасці. Малая Радзіма – гэта і тое, якія песні спявала бабуля, і якімі словамі лаяўся дзед, калі нешта не атрымлівалася, гэта і тое, якія прысмакі і як гатавала маці, і якімі словамі бацька вучыў правільна вітацца з людзьмі. Усё гэта і шмат што іншае з’яўляецца ўнікальным для кожнага месца. Гэта тое, што робіць нас намі. Малая Радзіма – гэта мы самі. Кожны з нас маленькі агменьчык сваёй малой Радзімы, з такіх дэталяў калейдаскопа складаецца і наша вялікая Радзіма. Год, а цяпер ужо Гады, малой Радзімы – гэта і гады кожнага з нас, гэта падстава задумацца, а ці памятаем мы, як спявала бабуля, як правільна павітацца, як спячы самы смачны хлеб і ці расказалі мы пра гэта ўсё наступным пакаленням.

Традыцыйная культура беларусаў грунтуецца на палітры разнастайных лакальных традыцый. У кожным рэгіёне, раёне, вёсцы, нават самай маленькай, можа захоўвацца ўнікальная традыцыя ці абрад. Амаль кожная беларуская вёска ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя ўтварала своеасаблівы ўтульны мікрасвет. Гэта адлюстроўваецца ў фальклоры – “што край, то й звычай”, “што деревня, то абычай”, “што сяло, та нораў”.

Культурная адметнасць лакальных супольнасцяў з’яўляецца значным аспектам беларускай культуры. У наш час глабалізацыі, калі адбываецца ўніфікацыя нацыянальных культур у сусветным маштабе, асаблівае значэнне набывае захаванне лакальных традыцый – гэтых перлінаў народнай культуры, што з’яўляюцца вынікам унікальнасці мыслення лакальнай супольнасці людзей і прыводзяць нас да гуманістычнага ідэалу самакаштоўнасці чалавека. Вылучэнне адметных этнаграфічных рысаў грамадскіх традыцый і абрадаў лакальных вясковых супольнасцяў беларусаў узбагачае нацыянальную культуру, дапамагае беларусам абгрунтаваць сваю этнічную адметнасць і далучанасць да сусветных культурных працэсаў.

Наталля Карбалевіч, старшы выкладчык кафедры “Гісторыя, айчынная і сусветная культура”

Выпуск газеты: